| Забаўляць ці выхоўваць? (Пра сітуацыю вакол Рэспубліканскага тэатра юнага гледача) |
|
|
|
| Мнения |
| Автор: Сяргей Кавалёў |
| 11.04.2010 13:06 |
|
На нядаўнім міжнародным тэатральным фестывалі «Март-кантакт» у Магілёве Гран-пры атрымаў Арлоўскі дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі за спектакль «Белае на чорным» (рэжысёр Генадзь Трасцянецкі) пра цяжкі лёс cірот-інвалідаў у дзіцячых дамах. Тэатр для дзяцей і моладзі з расійскай глыбінкі ўзняў складаную грамадскую праблему, выказаў яе адметнымі мастацкімі сродкамі і заслужана перамог «дарослыя» акадэмічныя, рэспубліканскія, абласныя, гарадскія, эксперыментальныя і інш. тэатры з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Польшчы. У кулуарах фестывалю мне давялося паразмаўляць з членам журы, польскім рэжысёрам Яцэкам Пацохам, які з зайздрасцю адзначыў наяўнасць на постсавецкай прасторы спецыяльных тэатраў для юнага гледача, прызначэнне якіх не толькі забаўляць, але і выхоўваць дзяцей і падлеткаў, развіваць іх густ, фарміраваць грамадзянскую пазіцыю... Неўзабаве пасля фестывалю я з прыкрасцю даведаўся пра канфліктную сітуацыю ў нашым Рэспубліканскім тэатры юнага гледача, а інфармацыю пра звальненне мастацкага кіраўніка Наталлі Башавай успрыняў з вялікім здзіўленнем і недаверам. Не верылася, што дырэктар тэатра, які без малага год займае гэтую пасаду, можа спакойна, без аніякіх падстаў звольніць знанага рэжысёра, з іменем якога звязана развіццё тэатра на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Вядома, падобныя канфлікты ў нашых тэатрах здараліся і раней, але грамадскасць памятае пра іх сумныя наступствы. Некалі з-за канфлікту з дырэкцыяй пакінуў Магілёў Алег Жугжда, у выніку чаго Магілёўскі тэатр лялек на доўгія гады ператварыўся ў правінцыйны напаўаматарскі тэатрык, а Гродзенскі тэатр лялек, куды пераехаў рэжысёр, нязменна ўдзельнічае ў буйнейшых еўрапейскіх тэатральных фестывалях і атрымлівае дзяржаўныя ўзнагароды за папулярызацыю беларускага мастацтва за мяжой. Хачу нагадаць, што Юрый Кулік 10 гадоў таму ўжо быў на пасадзе тэатральнага дырэктара і таксама не ўзнавіў кантракт з мастацкім кіраўніком. Здарылася гэта ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, мастацкім кіраўніком якога з’яўляўся Валеры Мазынскі. У выніку канфліктнай сітуацыі (разумею, што прычыны яе былі іншыя, чым у ТЮГу) перспектыўны тэатр ледзь не закрылі, новаму мастацкаму кіраўніку Валерыю Анісенку давялося з цяжкасцю выводзіць малады калектыў з крызісу, але ўжо без удзелу былога дырэктара... Рэжысёра Наталлю Башаву я ведаю яшчэ з тых часоў, калі Тэатр юнага гледача ўзначальваў Андрэй Фёдаравіч Андросік. Башава ставіла «Русалачку» Людмілы Разумоўскай, а маскоўскі рэжысёр Юрый Бярэза — маю п’есу «Шлях да Бэтлеему». Першы спектакль атрымаўся цудоўны, другі — няўдалы і не ўвайшоў у рэпертуар тэатра. І, напэўна, віну за няўдачу традыцайна ўзвалілі б на «беларускі матэрыял», але ў 2000 г. Наталля Башава здзейсніла новую пастаноўку п’есы, якая паспяхова ідзе да сённяшняга дня, а таксама паказвалася на многіх фестывалях. Як аўтар лічу, што з усіх спектакляў па гэтай п’есе ў Беларусі, Украіне і Расіі, спектакль Башавай з’яўляецца адным з лепшых. З таго часу мне неаднойчы даводзілася супрацоўнічаць на розных тэатральных пляцоўках з рэжысёрам Наталляй Башавай. Спектакль «Пацалунак ночы» атрымаў 1-ю прэмію за рэжысуру на 9-м Тэлевізійна-тэатральным фестывалі «Ажыўшая казка» ў Маскве, опера «Чужое багацце нікому не служыць» на музыку Яна Давіда Голанда адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З задавальненнем глядзеў я спектаклі Наталлі Башавай па п’есах іншых беларускіх драматургаў: «Рыцар ордэна Сонца» Пятра Васючэнкі і «Бліндаж» Алены Паповай. Вядома, заўсёды можна папракнуць драматурга ў суб’ектыўных адносінах да рэжысёра, з якім яму даводзілася працаваць. Што ж, я не хаваю глыбокай павагі да рэжысёра Наталлі Башавай, як і да іншых таленавітых творцаў, з якімі звёў мяне лёс: Віталя Баркоўскага, Рыда Таліпава, Аляксея Ляляўскага, Алега Жугжды, Аляксандра Гарцуева, Сяргея Кавальчыка. Разумею, што знайсці добрага адміністратара нялёгка, але я ўпэўнены, што «вырасціць» таленавітага рэжысёра, які б разумеў спецыфіку тэатра для дзяцей і падлеткаў, краіне яшчэ цяжэй: хаця б таму, што адміністратараў, менеджэраў, дырэктараў рыхтуюць у нас шматлікія вузы, а прафесійных рэжысёраў — толькі адзін. Але ў дадзеным канфлікце важныя не столькі персаналіі, колькі прынцыповыя пазіцыі. Бо канфлікт узнік з-за праблемы, якая датычыць усіх тэатраў Беларусі. Рэспубліканскі тэатр юнага гледача ў сувязі са сваёй дзіцяча-падлеткавай спецыфікай проста раней за іншыя тэатры з гэтай праблемай сутыкнуўся. Пытанне пастаўлена наступным чынам: тэатр павінен толькі забаўляць гледача і выконваць план ці здзяйсняць яшчэ нейкія іншыя, важнейшыя задачы? Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы павінен забаўляць гледача і выконваць план ці захоўваць і развіваць найлепшыя традыцыі айчыннага тэатральнага мастацтва? Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі павінен забаўляць гледача і выконваць план ці адкрываць новыя імёны, знаходзіць цікавыя формы, закранаць балючыя праблемы сучаснасці? Калі слухаеш выступленні і чытаеш інтэрв’ю з нашым міністрам культуры і яго намеснікамі — нараджаецца вера ў пазітыўнае вырашэнне гэтай праблемы, якая набыла асаблівую актуальнасць y Беларусі. Калі ж размаўляеш з дырэктарамі тэатраў і рэжысёрамі пра рэальны стан рэчаў — апаноўвае глыбокі песімізм. Аднак, хочацца быць аптымістам і верыць, што Наталля Башава вернецца ў тэатр, якому аддала частку свайго жыцця і творчага таленту, што ў ТЮГу зноў будуць ставіць спектаклі для ўдумлівага маленькага гледача, у якіх творцы будуць размаўляць з ім пра Бога, Радзіму, жыццё і смерць. Больш за ўсё на свеце дзеці не любяць «сюсюкання» і падману. Сяргей Кавалёў, драматург, доктар філалагічных навук Просмотров: 2290 Комментарии (3)
![]()
очень хорошо
Автор: форумец, 11.04.2010
Очень хорошо сказано, и как написано!.
Написано от души и академически, с за и против. Давно, с полудня хотел ответить -БРАВО, но не смог найти, что вы - Валерьевич, а обращаться -Сергей, не посчитал возможным. Браво, Сергей Валерьевич! Я горжусь тем, что наши неформальные театральные представительства в интернете обретают таких активных наблюдателей с позицией. И тем, что эта активность вещественна, и манера изложения позиции - поучительна, как напором, так и относительной взвешенностью. О культуре, о театральной культуре хочется и говорить и слушать, но когда читаешь мнения, написанные так, как написали вы, то прочитав, хочется перевернуть страничку и искать-искать продолжение на другой стороне. Хочется продолжения рассказа автора. Хочется погрузиться в такого автора, доверившего свое мнение, свою выстроенную позицию. Спасибо, форумец. Написать комментарий
|
Побольше бы таких авторитетных выступлений в интернет-форумах. Отличный пример.
И пример действенного информационного отличия этого автора от других, в категории мэтров
мэтры. ретро-мэтры".
gvozdj