|
Автор: Вераніка Молакава
|
|
03.10.2011 23:25 |
|
Што думаюць гледачы пра спектакль «Ігрышча» (тэатр «Колокол», Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт)? Таццяна, студэнтка: Касцюмы былі самі па сабе, песні і словы — таксама. Усё зроблена зусім безгустоўна і падобна на школьны мюзікл. Марыя, эканаміст: Мне вельмі спадабаўся спектакль. Са сцэны ішла такая энергія, што хацелася танчыць і спяваць. Вельмі добра выглядалі касцюмы — яркія, беларускія. Паставіла 10 балаў, малайцы! Аляксандр, студэнт: Я ў захапленні ад таго, што ўбачыў! Вельмі добры настрой пасля прагляду. Хлопцы і дзяўчаты выступалі з такім запалам, што нельга было яму не паддацца. Напрыканцы ўдалося патанчыць, калі акцёры спусціліся ў залу. Шчыра кажучы, не думаў, што па творах Якуба Коласа можна зрабіць такі вясёлы спектакль. Алеся, супрацоўнік музея: Прыйшла толькі таму, што запрасілі знаёмыя, але цяпер ні кроплі не шкадую. Яркая, эмацыйная і цікавая пастаноўка. Ужо стамілася глядзець п’есы з сумным фіналам, над якімі трэба шмат думаць. А тут можна проста глядзець і атрымліваць асалоду ад таго, што бачыш.
 |